Наш знакаміты зямляк
15 студзеня споўнілася 90 год з дня нараджэння нашага шаноўнага земляка, пісьменніка Янкі Сіпакова. З нагоды гэтай даты бібліятэкар Зубрэвіцкай сельскай бібліятэкі імя Я.Сіпакова Картузова Л.А., настаўнікі ДУА “Зубрэвіцкая сярэдняя школа” Карабкова А.У. і Шачанок Т.А. падрыхтавалі і правялі літаратурную гасцёўню “Янка Сіпакоў – наш знакаміты зямляк” у рамках праграмы “ШАГ: школа актыўнага грамадзяніна”.
Бібліятэкар расказала аб прастаце душы гэтага выдатнага чалавека. Заўсёды, гартаючы старонкі твораў, заўважаеш і мілуешся той любоўю Івана Данілавіча да родных мясцін, роднага краю, ён з такой шчымлівай асалодай пісаў “мае Зубрэвічы”. Праз усё жыццё пісьменнік пранёс спачуццё ўдзячнасці да роднай зямлі, да дарагіх сэрцу Зубрэвічаў. “Я да скону дзён буду ўдзячны вёсцы за вялікую радасць паэзіі… Толькі вёска навучыла мяне паважаць і адносіцца як да жывога, як да крэўнага і да травінкі, і да птушкі, і да дрэва” – казаў сам пісьменнік. Настаўніца беларускай мовы Карабкова А.У. падрыхтавала відэаролік пра апошнія сустрэчы пісьменніка ў Аршанскім педколеджы, у цэнтральнай бібліятэцы ім.А.С.Пушкіна, паглядзелі фотаздымкі з Я.Сіпаковым. Вучні прачыталі вершы.


Родная пляменніца пісьменніка Тамара Анатольеўна Шачанок з вялікай цеплынёй і любоўю расказала пра свайго дзядзьку, аб яго звычках, аб сціпласці і, ў той жа час, аб цвёрдасці характара, які ён быў неабыякавы да людскіх бед і хвароб, заўсёды адгукаўся і прыходзіў на дапамогу, як у маральным так і ў матэрыяльным сэнсе. У Івана Данілавіча не было аніводнага ворага, у людзях ён бачыў толькі добрае. Пляменніца склала верш з нагоды юбілейнай даты дзядькі, прачытала яго і выказала вялікую ўдзячнасць пра памяць аб Івану Данілавічу, пра шчырыя ўспаміны аб ім.

Бібліятэкар Л.А.Картузова