«Чытальная зала «Бібліятэка Янкі Сіпакова»
«Чытальная зала «Бібліятэка Янкі Сіпакова» адкрыта 1 чэрвеня 2012 года на базе Цэнтальнай бібліятэкі імя А.С.Пушкіна. Кніжны фонд чытальнай залы налічвае звыш 5 200 экзэмпляраў. Усе кнігі падараваны вядомым беларускім пісьменнікам, нашым земляком Янкам Сіпаковым з сваей асабістай бібліятэкі.
Янка Сіпакоў – таленавіты пісьменнік, паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі. Нарадзіўся 15 студзеня 1936 года ў весцы Зубрэвічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.
“Я не набыў вялікіх скарбаў, ні золата, ні дыяментаў, але ў мяне ёсць адна каштоўнасць – кнігі. Кнігі – мае сябры. Я збіраў іх усё жыццё і, як адзначаюць знаўцы, гэта бадай, самая лепшая бібліятэка ў Мінску. Я падараваў сваіх сяброў вам, каб у іх з’явілася многа сяброў-чытачоў. Гэтыя кнігі дастойны быць у гарадской бібліятэцы і хачу, каб яны былі менавіта ў Оршы” – пісаў Янка Сіпакоў у звароце да гарадскіх улад.
Вялікі кнігалюб вырашыў падараваць сваю асабістую бібліятэку Аршанскай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна, з якой ён заўжды сябраваў. Іван Данілавіч паставіў толькі дзве, але абавязковыя ўмовы: супрацоўнікі Пушкінкі абавязаны захаваць цэласнасць бібліятэкі, не раз’ядноўваць па фондах, і кнігі павінны знаходзіцца ў Оршы.
Бібліятэка пісьменніка тэматычная і жанрава разнастайная. У ёй ёсць грунтоўныя зборы сусветнай паэзіі і прозы, літаратура па гісторыі, філасофіі, эстэтыцы, мастацтву і іншым дысцыплінам, а таксама энцыклапедыі, даведнікі, слоўнікі. Іван Данілавіч збіраў кнігі цэлымі серыямі. На сённяшні дзень фонд бібліятэкі налічвае каля 6 тысяч экзэмпляраў кніг.
Асабістую каштоўнасць уяўляюць рэдкія выданні. Сярод іх: “Сочинения Г.П. Данилевского” (1901г.), “Сочинения Николая Гречи” (1855г.), “Сочинения графа Сологуба ” (1855г.), кніга Ядвігіна Ш. “Бярозка”, выдадзеная “Віленскім выдавецтвам” Б.А.Клецкіна ў 1923 годзе, “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” Вацлава Ластоўскага, выдадзены Міністэрствам Беларускіх Спраў у Літве (Коўна, 1924 год), зборнік вершаў Янкі Купалы “Шляхам жыцця”, выдадзены ў 1923 годзе “Віленскім выдавецтвам” Б.А.Клецкіна, выданне Беларускага Грамадзянскага Сабрання ў Вільні «Беларускі каляндар на 1925 год”, кніга «Беларускі арнамент» (1953г.) і іншыя.
Трэба адзначыць, што практычна ўся беларуская літаратура (больш за 550 экз.) у бібліятэцы з аўтографамі пісьменнікаў, вядомых людзей, з якімі сустракаўся Іван Данілавіч Сіпакоў на жыццёвым шляху і сябраваў. Гэта - Іван Шамякін, Максім Лужанін, Алег Лойка, Леанід Дайнека, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Ніл Гілевіч і шмат іншых.
Адным з першых аўтографаў быў сяброўскі надпіс на томе паэзіі Пімена Панчанкі. Гэту кнігу падараваў пісьменніку яго аднакурснік, сябра Юрый Новікаў, а праз некаторы час бібліятэка Івана Данілавіча папоўнілася кнігамі з аўтографамі самога паэта.
“Дарагому другу і земляку ва ўсіх сэнсах (і па зямлі, і па сэрцу) Янку Сіпакову на добры ўспамін. Ул. Караткевіч. 21 лютага 78г.”, так падпісаў сваю кнігу “Зямля пад белымі крыламі” Уладзімір Караткевіч. А кніга казак “Чортаў скарб” была падпісана так: “Чорту Янку Сіпакову ад чорта Уладзіміра Караткевіча”.
“Дарагому Янку Сіпакову – паэту ва ўсіх адносінах і шчыраму сябру. Успомні, дружа, студэнцкія гады і наш 54-ы. З пажаданнем Нёмана радасці і Мінскага мора натхнення! Твой сябра Рыгор Барадулін” – такі надпіс можна прачытать на кнізе гэтага знакамітага пісьменніка. Дарэчы, амаль увесь ранні Рыгор Барадулін у бібліятэцы з аўтографамі. Гэта вельмі шчырыя, дароўныя подпісы.
У бібліятэцы Янкі Сіпакова – вялікая частка кніг найпапулярнейшай серыі “ЖЗЛ”. Ёсць біяграфіі Салтыкова-Шчадрына, Драйзера, Рэрыха, Спартака, Крылова. На кніжных паліцах стаяць Бетховен і Эдгар По, Жорж Санд і Вердзі, Леанарда да Вінчы і Эдуард Манэ, Фур’е і Ньютан, Міклуха-Маклай і Ганчароў.
Значную частку фонда займае руская і замежная мастацкая літаратура. Тут серыі кніг - “Бібліятэка сусветнай літаратуры”, “Майстры сучаснай прозы”; зборы твораў М.Ф. Дастаеўскага, А.П.Чэхава, Т. Драйзера,
Д. Стэйнбека, М. Твэна і інш.
У серыях “Скарбніцы лірычнай паэзіі”, “Бібліятэка паэта” аматары паэзіі прачытаюць вершы і паэмы Т. Шаўчэнкі, А. Фета, Яна Райніса, Лесі Украінкі, А. Блока, Е. Баратынскага і шмат іншых паэтаў з усяго свету.
Для тых, хто вывучае беларускі фальклор будзе цікавай серыя “Творы беларускага фальклору”.
Асобнае месца ў бібліятэцы займаюць творы самога пісьменніка.
Янка Сіпакоў - аўтар 55 кніг, разнастайных па літаратурнаму жанру. Сярод іх: кнігі нарысаў, аповесцей і апавяданняў, эсэ, кнігі паэзіі, а таксама гумарэскі. Шмат твораў пераведзены на ангельскую, балгарскую, польскую, сербскую і іншыя мовы.
У мастацкую прозу пісьменнік увайшоў з творамі “Крыло цішыні” і “Усе мы з хат”, аб’яднаных пазней нарысам “Даверлівая зямля”. Аповесць “Крыло цішыні” была перакладзена на замежныя мовы. Па ёй пастаўлены тэлеспектакль, які ў 1978 годзе на Усесаюзным фестывалі тэлевізійных спектакляў атрымаў галоўны прыз, а праз чатыры гады быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.
У сваіх творах Янка Сіпакоў паказаў сябе вялікім майстрам і філосафам, чалавекам, які добра ведаў свой народ і гісторыю свайго краю. Так, магутна гучыць трагічны звон яго “Веча славянскіх балад” – кніга ўключае больш за паўсотні твораў, якія прысвечаны яскравым старонкам гісторыі ўсіх славянскіх народаў. Кожная балада – партрэт таго ці іншага народа. За гэты цудоўны твор у 1976 годзе Іван Данілавіч Сіпакоў удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Я. Купалы.
“Зубрэвіцкая сага” – раман-містыфікацыя ў апавяданнях пра мужнасць, гераізм, адвагу жыхароў вёскі Зубрэвічы. Кніга пачынаецца з палявання нашых продкаў на мамантаў, а заканчваецца падзеямі Другой сусветнай вайны, нашэсцем фашыстаў на Беларусь.
Кніга-эсэ “Зялёны лісток на планеце Зямля” – пра месца Беларусі і беларусаў , нашу гісторыю, пра прыгажосць нашай зямлі, адкуль мы пайшлі і куды ляжыць наш шлях, пра тое, з чаго мы радуемся і з чаго засмучаемся, і чым ганарымся.
Дзякуючы перакладам Янкі Сіпакова, на нашай роднай мове пачалі “размаўляць” А.С. Пушкін, І.С. Тургенеў, Т. Шаўчэнка, А. Блок, К.Чукоўскі і дзясяткі іншых знакамітых паэтаў. Янка Сіпакоў пераклаў вершы кітайскіх паэтаў Ду Фу і Ван Міна, “Боскую камедыю” Дантэ Аліг’еры.
На вялікі жаль,10 сакавіка 2011 года Івана Данілавіча не стала, але дзякуючы намаганням яго блізкіх, жонкі Раісы Фёдараўны, сына Сяргея Іванавіча, яго мара ўсё ж такі здзейснілася – уласная бібліятэка папоўніла скарбніцу Аршаншчыны, нам засталася багатая літаратурная спадчына.
У жыхароў горада і раёна з’явілася магчымасць пазнаёміцца з уласнай калекцыяй кніг Івана Данілавіча. Для ўсіх жадаючых супрацоўнікі бібліятэкі правядуць экскурсію, дзе можна больш падрабязна даведацца пра жыццё і творчасць нашага земляка.
Тэлефон для даведак 56-37-99.