Спатканне з талентам
25 ліпеня – дзень памяці Уладзіміра Караткевіча. Па даўняй традыцыі ў гэты дзень у гарадскім дзіцячым парку “Казачная краіна” каля помніка пісьменніку адбыліся гучныя чытанні і ўскладанне кветак. Супрацоўнікі Аршанскай Цэнтральнай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна, дзіцячай бібліятэкі імя У.С.Караткевіча, а таксама прыхільнікі творчасці: аршанскія пісьменнікі, супрацоўнікі музеяў, вучні школ узгадалі жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, зачыталі любімыя вершы.
Аршанская зямля шчодрая на літаратурныя таленты. Найбольш яркай зоркай на літаратурным небасхіле з’яўляецца Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. Яго жыццё – узор служэння радзіме, мове і народу, а яго творы – гімн Беларусі. Ён працаваў як празаік, паэт, драматург, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык. Творы пісьменніка з захапленнем чытаюць людзі рознага ўзросту і густу. Па кнігах Уладзіміра Караткевіча моладзь вучыцца любіць сваю мову, сваю Радзіму, усе сапраўднае і шчырае, што ёсць у чалавечым жыцці.
Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мiльярды двухногiх…







Бібліятэкар ААіІ Валянціна Самонава