Купала заўсёды ў сэрцы маім!
2 ліпеня 2022 года Аршаншчына сустракала шаноўных сяброў і ганаровых гасцей на свята паэзіі ў Ляўках “Купала заўсёды ў сэрцы маім”, прысвечанага 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. Гасцей было шмат – гэта вядомыя пісьменнікі, паэты, публіцысты з Мінска, Віцебска, Магілёва, Оршы, Горак і Смаленска.
На свята паэзіі завіталі пісьменнікі: паэт, празаік, публіцыст, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Іванаўна Краснова-Гусачэнка, а таксама Іна Фралова, Ірына Карнавухава, Святлана Бахнова, Хрысціна Зайцава. Паэты з Магілёва: Жана Міус (Усцінава Жана Віктараўна), Алена Любчанка. Вядомыя пісьменнікі-землякі Сяргей і Галіна Трафімавы, якія пішуць навукова-папулярную літаратуру для дзяцей, запомніліся ўсім сваёй харызмай, а таксама энцыклапедычнасцю ведаў.



Прывітальнымі спевамі і духмяным караваем сустракалі ганаровых гасцей удзельнікі народнага калектыву народнай музыкі і песні “Выцінанка” на тэрыторыі Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Ляўкі” Аршанскага раёна. Госці з пашанай прынялі каравай і з задавальненнем акунуліся ў атмасферу цудоўнага свята.

Вядома, што Аршанская зямля славіцца сваёй гасціннасцю. Духмянымі нацыянальнымі стравамі і прысмакамі гасцей мерапрыемства частавалі народныя аматарскія аб’яднанні – “Надзея” Андрэеўшчынскай сельскай бібліятэкі-клуба, “Пралеска” Дачнінскай сельскай бібліятэкі, “Жаночыя сакрэты” Вусценскай сельскай бібліятэкі і народнае аматарскае аб’яднанне “Гаспадынька” ДУК “Аршанскі раённы Цэнтр культуры”.






Прывітальнае слова ад старшыні Аршанскага райвыканкама Ігара Уладзіміравіча Ісачанка зачытаў начальнік аддзела культуры Аршанскага райвыканкама Сяргей Дзмітрыевіч Гарбачоў. Віншаванні гучалі ад дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы города Мінска Ганны Васільеўны Галінскай і галоўнага спецыяліста аддзела работы ўстаноў сферы культуры Віцебскага аблвыканкама Зоі Аляксандраўны Гукавай.









Падчас мерапрыемства госці ў чарговы раз прайшліся сцежкамі-дарожкамі Купалы, дакрануліся да залацінак і россыпаў яго твораў, адчулі асалоду роднага слова.

Нечаканасцю для гасцей стаў выхад на сцэну дзвух сціплых жанчын, якіх вядучыя аб'явілі так: унучка Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч – літаратуразнаўца, малодшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі; праўнучка Якуба Коласа Васіліна Валер'еўна Міцкевіч – галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Жанчыны падзяліліся ўспамінамі аб тым, што на дзецішчы Купалы часта адпачываў іх продак – Якуб Колас.

На працягу свята каля помніка Янку Купалы былі прадстаўлены кніжныя выставы “Пясняр беларускай душы” ДУК “Аршанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” з творамі знакамітага песняра беларускага слова, якія карысталіся вялікім попытам у прысутных.












На галоўнай сцэне адбыўся святочны канцэрт дзяржаўнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Песняры”, народнага калектыву народнай музыкі і песні “Гагарынскія музыкі” і народнага хора ДУК “Аршанскі гарадскі Палац культуры “Орша”, які вызваў ва ўсіх прысутных самыя лепшыя ўражанні, захапіўшы цудоўнай музыкай і спевамі.






Сваімі творамі Янка Купала і Якуб Колас узнялі беларускую літаратуру на сусветны ўзровень, выявілі незвычайную сілу і творчую моц беларускага слова.

Увогуле, святкаванне 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы адбылося на высокім арганізацыйна-творчым узроўні.
Галоўны бібліятэкар аддзела маркетынгу Марозава А.В.