Да 85-годдзя Янкі Сіпакова
15 студзеня споўнілася 85 год з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Я. Сіпакова. З гэтай нагоды ў Цэнтральнай бібліятэцы імя А. С. Пушкіна прайшла літаратурна-музычная гасцёўня “Творчымі сцежкамі Янкі Сіпакова”. Вядучыя: Ірына Кучынская і Валянціна Самонава пазнаёмілі вучняў 9-х і 10-х класаў ДУА “Сярэдняя школа №4 г. Оршы” з цікавымі звесткамі жыцця і творчасці пісьменніка, прадставілі відэапрэзентацыю.
Пра нашага таленавітага зямляка Янку Сіпакова можна гаварыць бясконца — паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, крытык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч культуры РБ, ён пакінуў нам багатую спадчыну. Усе творы Янкі Сіпакова пранікнуты дабрынёй і спагадай да чалавека, да ўсяго наваколля, да роднай Беларусі…

Пісьменнік прайшоў цяжкі жыццёвы шлях, але ж нягледзячы на ўсе выпрабаванні быў чалавекам дабразычлівым, сціплым, прыветлівым, гатовым у любы час прыйсці на дапамогу. Больш цікава і падрабязна пра пісьменніка можа расказаць толькі яго блізкі чалавек. Нам пашанцавала — 12 студзеня ў чытальную залу “Бібліятэка Янкі Сіпакова” завітала яго пляменніца — Тамара Анатольеўна Шачанок, якая жыве і працуе ў весцы Зубрэвічы і ў якой супрацоўнік Цэнтральнай бібліятэкі Алена Фядосава ўзяла інтэрв’ю.
Асаблівую атмасферу на мерапрыемстве стварылі настаўнікі і вучні Дзіцячай школы мастацтваў №1. Ганна Смірнова падаравала ўсім прысутным песню “Родны кут”, а вучні Уладзіслава Вараб’ева (кіраўнік — Ірына Віслагузава, канцэртмайстар – Ларыса Райцына) і Іван Чапурын (кіраўнік — Павел Дзенісенка) парадавалі ўсіх цудоўнымі музычнымі творамі.





Асаблівае месца ў жыцці і творчым лёсе пісьменніка належыць роднай вёсцы Зубрэвічы. Любыя мясціны дапамагалі Івану Данілавічу па-сапраўднаму адпачываць і натхнялі на новыя творы. Малой Радзіме пісьменнік прысвяціў такія творы як: “Зубрэвіцкая сага”, “Крыло цішыні”, “Усе мы з хат” і іншыя. З яго слоў: “…Толькі вёска навучыла мяне паважаць і адносіццца да жывога, як да крэўнага: і да травы, і да птушкі, і да дрэва…”
Паважаныя сябры! Цэнтальная бібліятэка імя А.С.Пушкіна ў гонар 85-годдзя з дня нараджэння знакамітага пісьменніка-земляка Івана Данілавіча Сіпакова аб'явіла конкурс малюнкаў па творах пісьменніка. Дасылайце нам на электронную пошту вашы работы, сюжэты якіх звязыны з творамі Я.Сіпакова, ці з яго роднымі мясцінамі. З дасланых работ будзе створана анлайн-галерэя, пройдзе інтэрнэт-галасаванне за лепшы малюнак. Чакаем! Палажэнне аб конкурсе.
Бібліятэкар Валянціна Самонава