"Чалавек нараджаецца Зоркаю..."
У дзіцячай бібліятэцы імя У. С. Караткевіча пачала дзейнічаць кніжная выстава “Чалавек нараджаецца зоркаю…” да 90-годзя з дня нараджэння славутага пісьменніка Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Выстава прадстаўляе сабой некалькі раздзелаў, тэмы якіх пабуджаюць чытачоў рознага ўзросту к знаёмству з творчасцю знакамітага земляка.
Першы раздзел “Ён жыў Беларуссю” – раскрывае асобу пісьменніка, цікавыя старонкі яго біяграфіі, водгукі сяброў і калег пісьменніка аб яго творчасці. Чытача абавязкова зацікавяць кнігі "Караткевіч: вядомы і невядомы”, “ “Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча” Д.Марціновіча, “Агульнае і адметнае” і іншыя. Дапаўняюць першы раздзел фотаздымкі, рукапісныя кнігі “Уладзіміру Караткевічу прысвячаецца…”, “Між Дняпром і крыкам жураўліным” і бібліяграфічны анатаваны спіс “З намі быў, знамі ёсць, з намі будзе”, падрыхтаваныя супрацоўнікамі дзіцячай бібліятэкі да юбілею пісьменніка.

Другі раздзел – “Унутраны свет” – звяртае ўвагу на збор твораў У. Караткевіча. Прадстаўлены два выданні: 8-мі томнік і 25-томнае выданне твораў пісьменніка. Свет пабачылі пакуль толькі 18 тамоў і першы CD-дыск з вершамі і песнямі ў выкананні Караткевіча. У збор уключаны творы, якія не друкаваліся пры жыцці пісьменніка, малюнкі, лісты, дзённікі, сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, інтэрв’ю, выступленні. Збор твораў раскрывае Уладзіміра Караткевіча не толькі як пісьменніка, але і як мастака. Дзякуючы рукапісам з замалеўкамі пісьменніка можна адчуць унутраны свет аўтара, разглядзець яго творчую лабараторыю.
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч стаў першым беларускім пісьменнікам, які пачаў пісаць у жанры гістарычнага дэтэктыву. Гістарычным творам прысвячаецца трэцці раздзел выставы “Мастацкія старонкі гісторыі”, які перадае дух мінулага, стварае мастацкі летапіс роднай зямлі. “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Чорны замак Альшанскі”, “Нельга забыць”. Асобае месца займае аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”. Кніжная выстава прапануе некалькі выданняў твора на розных мовах.
Чацьверты раздзел “Казка побач з намі”. Непаўторная мова, дасканалы стыль, а таксама любоў і прага да жыцця, усё гэта нясуць з сабой героі казак Уладзіміра Караткевіча. З першых радкоў захапляюць малых казкі “Жабкі і Чарапаха”, “Верабей, сава і птушыны суд”, “Вясна ўвосень”, “Чортаў скарб” і інш. А чытач дарослы, адкрывае для сябе новага Уладзіміра Сямёнавіча — геніяльнага пісьменніка-казачніка. Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі прапануюць не толькі прачытаць казкі знакамітага земляка, але і паглядзець.
Уладзімір Караткевіч быў аўтарам сцэнарыяў дакументальных фільмаў, па яго творах былі створаны мастацкія стужкі. Пісьменнік плённа супрацоўнічаў з кінематографам і тэатрам, ён жа напісаў лібрэта да оперы “Сівая легенда” і балета “Кастусь Каліноўскі”. Матэрыял аб гэтым таксама можна знайсці на выставе “Чалавек нараджаецца зоркаю…” да 90-годзя з дня нараджэння пісьменніка-земляка Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.
Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі імя У. С. Караткевіча запрашаюць падрабязней азнаёміцца з кніжнай выставай жыхароў і гасцей Аршанскага краю.
Наведаць выставу можна да 1 снежня.
Відэагляд выставы
Бібліятэкар Н. У. Нароўская