Дзяржаўная ўстанова культуры
«Аршанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма»
www.orshalib.by зав.Паштовы, д.2

Уваход

З гісторыі

Цэнтральная бібліятэка імя А.С.Пушкіна – адна з найстарэйшых публічных бібліятэк у Рэспубліцы Беларусь. Яе гісторыя пачынаецца з чэрвеня 1899 года, калі па рашэнні гарадскога кіравання і на сродкі мецэнатаў у невялікім павятовым мястэчку было вырашана адкрыць першую публічную бібліятэку.
6 чэрвеня 1899 года, у азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння А.С.Пушкіна, бібліятэцы было прысвоена імя вялікага паэта.
З матэрыяльных крыніц захаваўся «Статут Аршанскай гарадской бібліятэкі з кабінетам для чытання імя А.С. Пушкіна», зацверджаны 31 чэрвеня 1900 года. Зараз адзін экзэмпляр гэтага “Статута…” захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы (г.Санкт-Пецярбург), а надрукаваны ён быў у Аршанскай друкарні.
У той час колькасць чытачоў у бібліятэцы было не больш за 150 чалавек, на кніжных паліцах знаходзілася не больш за 3-4 тысячы тамоў дазволенай царскай цэнзурай літаратуры. Бібліятэка займала пакой плошчай 40 квадратных метраў у памяшканні гарадской управы, працаваў у ёй адзін бібліятэкар.
У дарэвалюцыйныя гады бібліятэку наведвалі ў асноўным дзеці памешчыкаў і купцоў, інтэлігенцыя горада, гэта значыць прадстаўнікі заможных класаў, бо за карыстанне кнігамі спаганялася высокая плата. За чытанне адной кнігі – 25 капеек, за дзве кнігі – 40 капеек у месяц. За пратэрміноўку кніг таксама спаганяўся штраф.
У 1907 годзе членам савета бібліятэкі стаў Панцеляймон Мікалаевіч Лепяшынскі, адзін з паплечнікаў У. І. Леніна. З яго дапамогай павялічваюцца штаты працаўнікоў бібліятэкі і папаўняецца кніжны фонд творамі рускіх і замежных аўтараў.
У 1918 годзе бібліятэка значна папоўніла свой кніжны фонд за кошт канфіскаваных кніг з асабістых бібліятэк.
З 1919 па 1923 год бібліятэкай кіравала Вольга Эрастаўна Слонімская. Разам з калектывам, які складаўся ўжо з 13 бібліятэкараў, яна паставіла на навуковую аснову арганізацыю кніжных фондаў, займалася развіццём бібліятэчнай справы ў горадзе, масавай працай.
Незадоўга да Вялікай Айчыннай вайны бібліятэку ўзначаліла Аляксандра Іванаўна Ледзянок. Сваю працоўную дзейнасць у бібліятэцы імя А. С. Пушкіна яна пачала з прыбіральшчыцы, так як была непісьменнай, але ў яе было вялікае імкненне да ведаў. Аляксандра Іванаўна займалася самаадукацыяй, а потым скончыла лікбез.
У час Вялікай Айчыннай вайны будынак бібліятэкі быў цалкам разбураны, а кніжны фонд знішчаны. Другое сваё нараджэнне бібліятэка адзначыла 15 снежня 1944 года. Першымі арганізатарамі адраджэння бібліятэкі былі: загадчыца Аляксандра Іванаўна Ледзянок, бібліятэкары Тайба Хаімаўна Зільберман і Ніна Дзям’янаўна Краснова.
Бібліятэка размяшчалася ў прыватным доме, займала пакой у 50 кв. м. З вялікай цяжкасцю было набыта самае неабходнае абсталяванне: прылавак для выдачы кніг, 2 двухбаковыя стэлажы, сталы, лаўкі. За 9 месяцаў пасля адкрыцця, кніжны фонд склаў 5700 экзэмпляраў, у тым ліку: з дзяржфонду атрымана – 4750 экзэмпляраў, сабрана ў насельніцтва – 460 экзэмпляраў, набыта ў саюздруку – 540 экзэмпляраў.
Для большага ахопу насельніцтва чытаннем, забеспячэннем спецыялістаў літаратурай, бібліятэка абслугоўвала 21 перасоўку на розных прадпрыемствах і ўстановах горада.
У 1949 годзе гарадская бібліятэка імя А. С. Пушкіна адзначала сваё 50-годдзе. Да юбілею бібліятэцы было прадастаўлена новае памяшканне – цагляны аднапавярховы дом з асобнай чытальнай залай на 40 месцаў.
Для чытачоў было прадстаўлена 24 500 экзэмпляраў кніг, у чытальнай зале выпісвалася 72 найменні часопісаў і 21 найменне газет. Абслугоўвалі чытачоў 5 бібліятэкараў.
З 1950 да 1963 года бібліятэку ўзначальвала Масаловіч Кацярына Агапаўна.
У гэты час пры бібліятэцы пачынае функцыяніраваць Пошта-абанемент (МБА). Прыведзены ў парадак даведачна-бібліяграфічны апарат бібліятэкі, складзена картатэка часопісных артыкулаў, вядзецца краязнаўчая картатэка “Орша ў мінулым і сучаснасці”.
Па настойлівай ініцыятыве К.А.Масаловіч ў 1954 годзе было пачата будаўніцтва новага будынку для бібліятэкі па адрасе Паштовы завулак, дом 2.
І ў 1959 годзе бібліятэка імя А.С.Пушкіна пераехала ў новы тыпавы двухпавярховы будынак, дзе размяшчаецца сёння.
За дасягнутыя поспехі ў бібліятэчным абслугоўванні, за актыўны ўдзел у культурна-масавай і шэфскай працы бібліятэка імя А. С. Пушкіна ўзнагароджваецца ганаровымі граматамі, было прысвоена званне “Бібліятэка выдатнай працы”.
У 1963 годзе бібліятэку імя А. С. Пушкіна ўзначаліла Урублеўская Галіна Георгіеўна. Пад кіраўніцтвам маладога, адукаванага, высокакваліфікаванага спецыяліста супрацоўнікі бібліятэкі імя А. С. Пушкіна імкнуліся ўдасканаліць формы абслугоўвання насельніцтва, прыцягнуць да чытання як мага больш жыхароў горада, павысіць цікавасць чытача да класічнай літаратуры, літаратуры па мастацтву, гісторыі. Гарадская бібліятэка сістэматычна аказвала дапамогу падшэфным сельскім бібліятэкам. Пры бібліятэцы імя А. С. Пушкіна для бібліятэк сельскай мясцовасці працавала школа грамадскіх прафесій па падрыхтоўцы бібліятэкараў-супольнікаў.
Было падрыхтавана 120 супольнікаў, якія дапамагалі бібліятэкарам у абслугоўванні насельніцтва кнігай. Грамадскія кніганошы дастаўлялі кнігі на дом тым, хто не мог сам наведаць бібліятэку.
У сярэдзіне 60-х гадоў значна вырасла колькасць чытачоў. Было арганізавана 13 пунктаў выдачы літаратуры і 10 перасоўных бібліятэк. Фонды бібліятэкі склалі 79500 экзэмпляраў. Кожны 8-ы жыхар нашага горада з’яўляўся чытачом бібліятэкі.
У 1969 годзе ў бібліятэку імя А. С. Пушкіна прыйшоў новы кіраўнік – Галіна Ільінічна Асаблівая. Дзякуючы намаганням кіраўніка і работнікаў бібліятэкі, значна павялічыўся кніжны фонд, які склаў – 101000 экзэмпляраў, павялічылася колькасць чытачоў да 8150 чалавек. Усё гэта дазволіла ў 1972 годзе ўвесці бібліятэку ў пятую катэгорыю. Бібліятэка стала цэнтрам культуры горада і адной з лепшых бібліятэк вобласці і рэспублікі.
У 1976 годзе ў бібліятэку на пасаду дырэктара была прызначаная Ваднеўская Галіна Лаўрэнцьеўна – выпускніца Ленінградскага інстытута культуры. Праца на пасадзе кіраўніка Ваднеўскай Галіны Лаўрэнцьеўны – гэта ўзор самаадданага і шчодрага служэння ідэалам, накіраваным на развіццё і распаўсюджанне ў горадзе духоўных і культурных, інфармацыйных і адукацыйных каштоўнасцей.
У верасні 1977 года была створана цэнтралізаваная бібліятэчная сетка горада Оршы, якая аб’яднала 11 гарадскіх бібліятэк Міністэрства культуры. Бібліятэка імя А. С. Пушкіна становіцца Цэнтральнай гарадской. На яе ўскладаюцца функцыі кіраўніцтва сістэмай як метадычнага цэнтра. Ствараецца зводны каталог на ўсе фонды гарадскіх бібліятэк. Дзякуючы кіпучай энергіі дырэктара вельмі хутка быў вырашаны цэлы комплекс пытанняў, што дазволіла падняць работу ЦБС на новую прыступку. Галіна Лаўрэнцьеўна ўклала нямала працы, душэўнай цеплыні, клопату, сіл на ўзняцце прэстыжу бібліятэчнай справы і бібліятэкі імя А. С. Пушкіна, якая стала арганізацыйным цэнтрам культурна-інфармацыйнай работы ў горадзе.
У 80-я гады ў практыку работы бібліятэкі ўсё шырэй ўкараняюцца Дні інфармацыі, Дні спецыяліста, якія дазваляюць чытачам пазнаёміцца з літаратурай па розных галінах ведаў. Асаблівая ўвага надавалася рабоце з маладымі спецыялістамі. Уся работа ў дапамогу вытворчасці вялася ў цеснай сувязі бібліятэкі з партыйнымі і камсамольскімі арганізацыямі. Удасканальваецца даведачна-бібліяграфічны апарат. ЦГБ імя А. С. Пушкіна на групавое інфармаванне было ўзята 32 абанямента, сярод іх 17 школ і 15 прамысловых прадпрыемстваў горада. Узмацняецца роля бібліятэкі як ідэалагічнай, інфармацыйнай установы.
У 1994 годзе за стварэнне эстэтычнага асяроддзя ў бібліятэках і значную работу па адраджэнню нацыянальных традыцый, мовы і гісторыі бібліятэка імя А.С.Пушкіна была ўзнагароджана Ганаровай граматай абласнога ўпраўлення культуры.
У 1996 годзе Беларускі фонд культуры ўзнагароджвае бібліятэку за актыўны ўдзел у IV рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” Ганаровай граматай.
За дасягненне найвышэйшых паказчыкаў у рабоце, за сумленую і добрасумленую працу імя Галіны Лаўрэнцьеўны Ваднеўскай было занесена на абласную дошку Гонару. У 1998 годзе цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму г.Оршы ўзначаліла Самарукава Ганна Іванаўна. Яна адразу зарэкамендавала сябе кіраўніком з выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, высокай кампітэнтнасцю, камунікабельнацю, дыпламатычнасцю, абавязковасцю і творчым падыходам да вырашэння прафесійных задач. Пад яе кіраўніцтвам былі ўдасканалены старыя метады работы. З 1999 года ў ЦГБ імя А.С.Пушкіна ўпершыню пачаў работу сервічна-камерцыйны абанямент, фонд якога налічваў больш за 500 кніг, якія карыстаюцца павышаным попытам. Нягледзячы на тое, што выдача кніг была платная, гэты аддзел абанямента з першых дзён атрымаў сімпатыі чытачоў. За чатыры месяцы кнігавыдача склала амаль 1300 экзэмпляраў.
За плённую дзейнасць па бібліятэчным абслугоўванні насельніцтва і ў сувязі са 100-годдзем заснавання бібліятэкі імя А.С.Пушкіна калектыў бібліятэкі быў узнагароджаны падзячнымі лістамі, грашовымі прэміямі, Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Беларусі і Упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама.
Пад кіраўніцтвам Г.І.Самарукавай была праведзена велізарная праца па ўкараненні аўтыматызаванай бібліятэчнай інфармацыйнай сістэмы, што вывела ЦБС Оршы на перадавы тэхналагічны ўзровень. У аўтаматызаваным рэжыме пачалі ажыццяўляцца працэсы камплектавання і апрацоўкі літаратуры, бібліятэчнай дзейнасці, стварэнне электроннага каталога, абслугоўванне чытачоў.
Напярэдадні “Дажынак-2008” будынак бібліятэкі быў закрыты на капітальны рамонт у снежні 2007 года. Бібліятэка часова пераехала ў адно з памяшканняў філіяла ЦБС – бібліятэку імя Я.Коласа. Супрацоўнікі бібліятэкі зрабілі ўсё магчымае, каб не ўшчаміць запыты чытачоў. І ўжо ў студзені 2008 года бібліятэка працавала ў ранейшым рэжыме. Капітальны рамонт працягваўся амаль пяць гадоў. Але за гэты час бібліятэка не толькі не страціла, а наадварот набыла новых чытачоў. Праводзіліся разнастайныя цікавыя мерапрыемствы: прэзентацыі, сустрэчы з пісьменнікамі, літаратурна-музычныя вечарыны, былі цесна наладжаны сувязі з бліжэйшымі школамі і гімназіямі.
Шматгадовая, плённая праца на кіруючай пасадзе Г.І.Самарукавай была высока адзначана: яна 2 разы ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, была дэлегатам ІІ Усебеларускага народнага сходу, мае асабістую падзяку ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Са снежня 2010 года ЦБС і бібліятэку імя А.С.Пушкіна ўзначаліла Святлана Іванаўна Жвікава – чалавек высокай эрудыцыі, камунікабельнасці, крэатыўна мыслячы, творчы. Разам з калектывам на яе плечы лёг пераезд у абноўлены будынак бібліятэкі ў 2012 годдзе. У пярэдадні Дня работнікаў культуры 2013 года ў Віцебску адбылася калегія, на якой дырэктару Аршанскай ЦБС С.І.Жвікавай была ўрачыста ўручана падзяка старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту А.М.Касінца за высокія дасягненні ў галіне культуры і мастацтва.
1 красавіка 2013 года адбылося аб’яднанне бібліятэчнай сістэмы горада і раёна.
У склад Аршанскай ЦБС раёна ўваходзяць 43 бібліятэкі:
– ЦБ імя А.С.Пушкіна;
– 10 гарадскіх бібліятэк-філіялаў , у тым ліку 2 дзіцячыя;
– 2 гарпасялковыя бібліятэкі-філіялы;
– 26 сельскіх бібліятэк-філіялаў;
– 3 сельскія бібліятэкі-клубы.
Рашэннем Аршанскага раённага выканаўчага камітэту ад 15.01.2014 года Аршанскай ЦБС надан статус юрыдычнай асобы.
Сёння выхоўваючы пакаленне бібліятэчных спецыялістаў на найлепшых прыкладах мінулых гадоў, беражліва захоўваючы памяць і развіваючы новыя традыцыі, калектыў Аршанскай ЦБС з упэўненасцю глядзіць у заўтрашні дзень. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца ўзнагароджванне Цэнтральнай бібліятэкі імя А.С.Пушкіна Дзяржаўнай установы культуры “Аршанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” Дыпломам аб занясенні на дошку гонару Аршанскага раёна.