Масленіца ідзе - бліны ды мёд нясе
Масленіца — гэта найстаражытнейшае народнае свята, якое немагчыма ўявіць без песень, гулянняў, вясёлых провадаў зімы і вітання вясны. Вось і дачакаліся жыхары вёсачкі “Роскі Сялец” вясёлай Масленкі з блінамі, мёдам і гарачай гарбатай. 18 лютага на пляцоўцы каля выбарчага ўчастка для галасавання №102, адбылося вясёлае свята “Масленіца ідзе - бліны ды мёд нясе”. Арганізавалі гэтае мерапрыемства супрацоўнікі ДУА “Роска Сялецкая сярэдняя школа” і бібліятэкар Засеклянскай сельскай бібліятэкі.
Падчас мерапрыемства прысутныя даведаліся шмат цікавага пра гісторыю Масленіцы, пра асаблівасці святкавання кожнага дня масленічнага тыдня, прымалі актыўны ўдзел у займальных конкурсах і з задавальненнем адгадвалі разнастайныя загадкі.

Зіма, Вясна і Масленіца (ролю якіх выконвалі: Кулік Святлана Аляксееўна, Дзерваед Вольга Алегаўна і Масаловіч Аксана Мікалаеўна) разам з прысутнымі вадзілі карагоды, спявалі песні, удзельнічалі ў спаборніцтвах: “Саначныя гонкі”, “Каробачка”, “Ручаёк”, “Бег у мяшках”. Прапанавалі народныя гульні: “Бліны - бліночкі”, “Пацяг” і іншыя.




Масленіца запрасіла ўсіх гасцей пачаставацца блінамі з мёдам і гарачай духмянай гарбатай.


Кульмінацыяй свята стала спальванне чучала Масленіцы, якое сімвалізуе адыход халадоў, пазбаўлення ўсяго старога і кепскага, усіх хвароб, а таксама хуткае наступленне вясны.


Бібліятэкар А.М.Масаловіч