Зямлі вялікай галасы
14 лістапада ў бібліятэцы імя У.Корбана адбылася вечарына “Зямлі вялікай галасы”, прысвечаная народным паэтам Беларусі Я.Купале і Я.Коласу. Удзельнікі клуба “Вдохновение” разам з вядучымі І.Дзярабінай і Г.Канашэвіч пагарталі старонкі жыцця і мастацкай біяграфіі нашых знакамітых песняроў.
Падчас дэкламавання любоўнай лірыкі Янкі Купалы, усе прысутныя змаглі яшчэ раз упэўніцца ў яе крыштальнай чысціні. Адчулі, якімі словамі пяшчоты, ласкі атуляў паэт адрасатаў свайго кахання, з якой пашанаю ставіўся да тых, хто выклікаў яго замілаванне і павагу. Дэманстраваліся фотаматэрыялы асабістых сімпатый паэта. Гэта былі У.Ф.Станкевіч і П.В.Мяделка: адна прыняла руку і сэрца генія, а другая, чамусці, адмовіла яму.

Якуб Колас таксама аддаў увесь свой талент народу. Ён быў і паэт, і празаік, і драматург, і вучоны, і публіцыст. Найцікавейшае апавяданне пра народнага паэта Беларусі падрыхтавала ўдзельніца клуба Ганна Аляксандраўна Шарай. Вершы і ўрыўкі з паэмы “Новая зямля” вызвалі буру эмоцый і шквал апладысментаў.

На вечарыне прагучалі такія вершы Я.Купалы як: “Мая навука”, “Да N”, “Мая дзяўчынка”, “А яна…”. Прагучала песня на словы Я.Купалы “Явар і каліна”. Дэкламаваліся вершы Я.Коласа: “У родных мясцінах”, “Майму другу”, “М.Д.М.” Песню “Мой родны кут” спявалі ўсе разам. Музычны падарунак у выкананні У.С.Шафранскага ўпрыгожыў гэты шчыры, светлы, добры вечар.
Загадчыца бібліятэкай імя У.Корбана І.Дзярабіна