Калядны вечар
Калядны вечар разам з паэмай Я. Коласа “Новая зямля” правялі ўдзельнікі клуба беларускай паэзіі “Купалінка” ў Зубаўскай сельскай бібліятэцы.
З энцыклапедычнай шырынёй у паэме Якуб Колас апісвае ўсе звычаі і абрады, якія бытавалі ў той час на Беларусі. Асобае месца сярод іх займаюць Каляды. Якуб Колас, на вопыце сваёй сям’і, стварыў і перадаў у паэме проста ўзорную калядную атмасферу (раздзел Каляды). І падрыхтоўку да свята, і заняткі сялян у калядныя вечары, і прыкметы ў калядны дзень, і святкаванне. Апісанне каляднага стала можа стаць дапаможнікам для кожнай гаспадыні. Нездарма створаны зборнік кулінарных рэцэптаў «Калядныя стравы ад Якуба Коласа», які можа выкарыстоўвацца ў любой сям’і ў час падрыхтоўкі стала да Першай куцці.
Такую ж атмасферу паспрабавалі стварыць і ўдзельнікі клуба беларускай паэзіі “Купалінка” ў Зубаўскай сельскай бібліятэцы. Святочны стол быў накрыты з усімі элементамі. Тут была і прыгожая ялінка – сімвал Новага года з цукеркамі і арэхамі, і сялянскія стравы: каўбасы і сала, квас і кісель, грыбы і капуста, шчупакі і плоткі, цыбуля і перчык, ладкі і бліны, наліўкі і кампоты, куцця.




Бібліятэкар расказала аб вытоках свята і яго традыцыях, аб правілах прыгатавання рытуальнай ежы каляд – куцці. Прыпомнілі калядныя прыметы і павер’і. Гучалі калядныя песні. Але сапраўдным святам стала чытанне паэмы. Колькі цёплых успамінаў навеяла яна. Старэйшае пакаленне расказвала пра калядныя вечары ў бацькоўскай хаце, пра бестурботнае дзяцінства. Вечар атрымаўся вельмі цеплым і шчырым. А яшчэ ў каторы раз усе пераканаліся ў сіле і прыгажосці беларускага слова, адметнасці беларускай нацыянальнай культуры.
Т. Дзегцярова