Да 130-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі
22 красавіка ў бібліятэцы імя М. Горкага адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння З. Бядулі. Галоўнымі гасцямі гэтага мерапрыемства сталі вучні і настаўнікі СШ № 9. У пачатку мерапрыемства адбылося знаёмства з жыццём і творчасцю знакамітага беларускага пісьменніка. Дзеці паглядзелі невялікі дакументальны фільм, пазнаёміліся з кніжнай выставай, а далей усіх захапіла сапраўдная казка. Супрацоўнікі бібліятэкі імя М. Горкага падрыхтавалі для дзяцей пастаноўку тэатра-батлейкі «Скарбы Хохліка», па матывах казкі З. Бядулі «Скарб».
Перад гледачамі пачалося цудоўнае казачнае дзеянне. Загучалі прыгожыя птушыныя спевы, на сцэне тэатра з’явіліся хлопчык Саўка, апрануты ў вышыванаю беларускую кашулю, і яго дзядуля. Яны вырашылі крыху адпачнуць на прыгожай квітнеючай палянцы і падслухалі, што не так усё добра і ціха ў лесе, што паміж птушак, звяроў і іншай жыўнасці ідзе размова пра нейкага Хохліка, які куе шмат золата і потым хавае недзе ў лесе. Прапанову вызначыў дзяцел – знайсці скарбы Хохліка. Падняўся шум, гам, усе зверы рынуліся шукаць таямнічае золата. Саўка таксама вырашае пайсці паглядзець на гэты цуд…


Тэатралізаваная казка складалася з трох частак. Кожная частка была размежавана невялікімі віктарынамі. Дзеці адказвалі на пытанні бібліятэкара і з цікавасцю чакалі працяга. У канцы казкі галоўны герой Саўка, а таксама і ўсе дзеці, атрымалі ад Хохліка добрую параду: “Сапраўдны скарб трэба шукаць у навуцы, якая ёсць ў кнігах!”



Пастаноўка атрымалася незвычайнай. Прыгожыя лялькі, яркія дэкарацыі, захапляльнае музычнае суправаджэнне, элементы нечаканасці – усё разам дазволіла дзецям дакрануцца да сапраўднага цуда – прыгожай беларускай казкі, якую прыдумаў вядомы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля.