Адзінства традыцый, літаратуры і культуры
Завочнае падарожжа па родным краі здзейснілі ўдзельнікі крэатыў-праекта "Адзінства традыцый, літаратуры і культуры". Мерапрыемства прайшло ў дзіцячай бібліятэцы імя У.Караткевіча і было прысвечана юбілейным датам Года культуры. Экскурсаводы – бібліятэкары дзіцячай бібліятэкі імя У.Караткевіча, нагадалі ўсім прысутным гісторыю роднай старонкі, пазнаёмілі з творчасцю знакамітых пісьменнікаў і паэтаў. Падчас цікавага падарожжа ўдзельнікаў чакалі сустрэчы з людзьмі, якія захоўваюць і адраджаюць традыцыі продкаў.
Пачалася вандроўка са знаёмства з кніжнай выставай "Культура - служэнне мастацтву, навуцы, грамадству і краіне". Наступны прыпынак літаратурных "турыстаў" чакаў у зале беларускай літаратуры і краязнаўства. Тут размова ішла пра нашых знакамітых асветнікаў: Еўфрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, Спірыдона Собаля. Увазе гасцей было прапанавана факсімільнае выданне вядомага "Буквара" Спірыдона Собаля. Сёлета Аршаншчына адзначыць значны юбілей - 385 гадоў з дня выхаду ў свет першага беларускага буквара ў Куцеінскай друкарні. Гэтай падзеі ў бібліятэцы імя У. Караткевіча прысвечана асобная выстава, галоўны экспанат - факсімільнае выданне самай знакамітай аршанскай кнігі. Вонкава «Буквар» цалкам адпавядае арыгіналу: ён маленькі - памерам з далонь, мае скураны пераплёт і выраблены на спецыяльнай паперы. Сімвалічна, што праз стагоддзі на нашай зямлі ў 2012 годзе выйшаў "Букварь Оршанский", створаны нашымі землякамі Галінай і Сяргеем Трафімавымі.

Зараз у дзіцячай бібліятэцы наведвальнікам прадстаўлены некалькі выстаў. Госці мерапрыемства пазнаёміліся з вышыўкай Алены Сапільнік, змаглі задаць пытанні майстрам Аршанскага раённага Дома рамёстваў.


Музыкальныя падарункі падрыхтавалі вучні сярэдняй школы №21. На працягу мерапрыемства гучалі вершы юбіляраў гэтага года: Міхася Пазнякова, Ніла Гілевіча, Максіма Багдановіча, Васіля Віткі, байкі Кандрата Крапівы. Узгадалі і пра іншых юбіляраў: Івана Шамякіна, Янку Сіпакова, Уладзіміра Мулявіна.
Марына Сямашка