Талент родны і шматгранны
10 сакавіка ў Цэнтральнай бібліятэцы імя А.С. Пушкіна да дня памяці таленавітага земляка Янкі Сіпакова прайшла літаратурна-музычная гасцёўня “Талент родны і шматгранны”. Вядучыя: Кацярына Лепешава і Валянціна Самонава пазнаёмілі навучэнцаў УА “Аршанскі каледж ВДУ імя П.М. Машэрава” з цікавымі звесткамі жыцця і творчасці пісьменніка.
Пра Янку Сіпакова можна гаварыць бясконца - паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, крытык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч культуры РБ. Вялікі кнігалюб на працягу ўсяго свайго жыцця збіраў кнігі, а затым падараваў гэтыя кнігі родная Аршаншчыне.
“Я не набыў вялікіх скарбаў, ні золата, ні дыяментаў, але ў мяне ёсць адна каштоўнасць - кнігі. Кнігі - мае сябры. Я збіраў іх усё жыццё і, як адзначаюць знаўцы, гэта, бадай, самая лепшая бібліятэка ў Мінску. Я падараваў сваіх сяброў вам, каб у іх з’явілася многа сяброў-чытачоў”. Янка Сіпакоў

Кніжны фонд чытальнай залы “Бібліятэка Янкі Сіпакова” – унікальны і налічвае звыш 5 200 экзэмпляраў. Асобнае месца ў бібліятэцы займаюць творы самога пісьменніка. Янка Сіпакоў - аўтар 55 кніг, разнастайных па літаратурнаму жанру: кнігі нарысаў, аповесцей і апавяданняў, эсэ, кнігі паэзіі, а таксама гумарэскі. Шмат твораў пераклазеных на ангельскую, балгарскую, польскую, сербскую і іншыя мовы. Навучэнцы з задавальненнем наведалі чытальную залу, пазнаёміліся з рэдкімі выданнямі, зацікавіліся калекцыяй кніг беларускіх аўтараў з аўтографамі. Асабліва спадабаліся надпісы ад Уладзіміра Караткевіча: “Дарагому другу і земляку ва ўсіх сэнсах (і па зямлі, і па сэрцу) Янку Сіпакову на добры ўспамін. Ул. Караткевіч. 21 лютага 78г.”, так падпісаў сваю кнігу “Зямля пад белымі крыламі”. А кніга казак “Чортаў скарб” была падпісана так: “Чорту Янку Сіпакову ад чорта Уладзіміра Караткевіча”.


Уразілі навучэнцаў сямейныя фотаздымкі і друкаваная машынка пісьменніка, на якой ён працаваў доўгі час. Супрацоўнікі бібліятэкі нагадалі, што ўсе жадаючыя могуць наведаць чытальныю залу “Бібліятэка Янкі Сіпакова”, даведацца пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка і пазнаёміцца з уласнай калекцыяй кніг.
Бібліятэкар ААіІ Валянціна Самонава.