Праз шкельца гісторыі
7 верасня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца дзяржаўнае свята – Дзень беларускага пісьменства. Галоўная ідэя свята – паказаць адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай нашага народа. Сёлета сталіцай пісьменства будзе горад Ліда (Гродзенская вобласць). Шэраг мерапрыемстваў пройдзе па ўсёй краіне ў гэты перыяд часу.
2 верасня супрацоўнікі Дзіцячай бібліятэкі імя У.С. Караткевіча падрыхтавалі для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання ТЦСАН Аршанскага раёна пазнавальную праграму “Праз шкельца гісторыі” да Дня беларускага пісьменства і 395-годдзя з часу заснавання Куцеінскай друкарні.


Удзельнікі мерапрыемства даведаліся шмат цікавага пра гісторыю станаўлення і развіцця беларускага пісьменства, кнігадрукавання, пазнаёміліся з жыццём і дзейнасцю выдатных дзеячаў беларускай культуры: Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага і Сімяона Полацкага. З дапамогай відэапрэзентацыі госці бібліятэкі здзейснілі віртуальнае займальнае падарожжа ў мінулае і дакрануліся да гісторыі Аршанскага Куцеінскага манастыра. Яны ўбачылі знакаміты “Буквар” Спірыдона Собаля 1631 года выдання і першы друкарскі станок.



Па заканчэнні мерапрыемства хлопцы і дзяўчаты змаглі азнаёміцца з кніжнай выставай “Праз шкельца гісторыі”, на якой прадстаўлена цікавая літаратура, прысвечаная Дню беларускага пісьменства. У гэты дзень кожны ўдзельнік мерапрыемства атрымаў шмат станоўчых эмоцый і пазітыву.

Бібліятэкар В. Ціханскі