Яблычны фэст
16 жніўня ў гарадскім пасёлку Шаркаўшчына прайшло абласное свята аматарскіх аб’яднанняў “Яблычны фэст”, прысвечанае Году добраўпарадкавання. Гэтае свята сабрала гасцей з 17 гарадоў і раёнаў Віцебшчыны, а таксама калектывы прафесіянальных артыстаў з Мінска і Расійскай Федэрацыі. Удзельнікі вакальнага калектыву “Настрой” Бабініцкай сельскай бібліятэкі Вера Куранкова і Міхаіл Свіцін прынялі ўдзел ў намінацыі “Цуды ў яблычным садзе” і годна прадставілі свой рэгіён і калектыў.
Выступленні артыстаў праходзілі па розных намінацыях: “Цуды ў яблычным садзе”, “Яблычны кірмаш”, “Інтэрактыўны яблычны квэст”, “Яблычныя матывы”. Нумары, прадстаўленыя да ўдзелу, павінны былі быць выкананы на беларускай мове і адносіцца да жанраў беларускай народнай творчасці. Міхаіл Свіцін праспяваў беларускую народную песню “Чарнявая, бялявая”, Вера Куранкова прачытала гумарэску Галіны Мароз “Вясковая гамонка”. Па выніках абласнога конкурсу яны ўзнагароджаны дыпломамі лаўрэатаў ІІІ ступені.




Загадчык бібліятэкі Кісялевіч Л. В.