Мову родную вучыся шанаваць
З 20 па 25 лютага ў Бабініцкай сельскай бібліятэцы прайшоў Тыдзень беларускай мовы, які быў прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы. Вучні 3-4 класаў ДУА «Бабініцкая сярэдняя школа Аршанскага раёна» прынялі ўдзел у пазнавальнай гульне «Мову родную вучыся шанаваць, цаніць, любіць».
Разам з займальным персанажам Дзедам Абыдзісветам і супрацоўнікамі бібліятэкі дзеці даведаліся шмат цікавага пра нашу родную беларускую мову, яе адметнасць сярод іншых моў, а таксама пра нашага першадрукара Францыска Скарыну.
Падчас мерапрыемства юныя мовазнаўцы з вялікім задавальненнем удзельнічалі ва ўсіх гульнях і конкурсах: адгадвалі загадкі і рэбусы, перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, на хуткасць і выразнасць вымаўлялі скорагаворкі, складалі прыказкі, тлумачылі крылатыя выразы. Асабліва дзецям спадабалася фізкультхвілінка пад займальную песню Дзеда-Барадзеда і мультфільм на беларускай мове «Піліпка» паводле беларускіх народных казак.
Напрыканцы сустрэчы вучням было прапанавана пазнаёміцца з кнігамі выставы «Мова родная, беларуская», а таксама з дзіцячымі кнігамі беларускіх пісьменнікаў. Мерапрыемства паспрыяла фарміраванню моўнай культуры вучняў, узбагачэнню іх слоўнікавага запасу, далучыла іх да таямніц роднай мовы, выклікала цікавасць да яе.
Бібліятэкар В. М. Сакалоўская