Размаўляем на роднай мове
21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Адзначалі яго і звыш 140 нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі: рускія, украінцы, яўрэі, грэкі, латышы, узбекі... Але для большасці з нас роднай з’яўляецца беларуская мова, роднай – значыць любімай, дарагой, самай-самай... З гэтай нагоды ў Барздоўскай сельскай бібліятэцы 21 лютага прайшлі мерапрыемствы ў рамках акцыі “ Размаўляем на роднай мове”.
Бібліятэкар Т.Іванова ў гэты дзень размаўляла з чытачамі на роднай мове і прапаноўвала ўсім на працы, у краме, на вуліцы, дома – карыстацца роднай мовай. Не засталіся без увагі і творы беларускіх пісьменнікаў, якія ў гэты дзень карысталіся асаблівым попытам.
Для удзельнікаў свята была прадстаўлена кніжная выстава-агляд “Родная мова – матуліна спадчына”, якая адлюстроўвала амаль усе аддценні роднага слова. У кніжным куточку чытацкіх пераваг “ Кнігі для дзяцей па-беларуску” дзеці змаглі пазнаёміцца з лепшымі творамі беларускай літаратуры – сучасных дзіцячых аўтараў. Для юных чытачоў, а гэта вучні 3 і 4 класаў ДУА “Барздоўская дзіцячы сад-сярэдняя школа Аршанскага раёна” была падрыхтавана цікавая інтэлектуальная гульня “Дзіўнае, роднае слова”. Каб вызначыць сапраўдных мовазнаўцаў роднай мовы былі праведзены: літаратурны конкурс “Знаўцы беларускага фальклору”, дзе трэба было прадоўжыць канец прыказкі і растлумачыць яе сэнс , “Крылатая паштоўка” , моўны паядынак “Старонкі мінулага і сучаснага”, падчас якога ўдзельнікі паказалі свае веды па гісторыі жыцця беларускага народа . Вялікую цікавасць вызвала віктарына “Знаўцы мовы”.
Спадзяюся, што мерапрыемствы, якія былі прысвечаны нашай роднай мове, нікога не пакінулі абыякавымі.
Бібліятэкар Т. В. Іванова