Знаўцы роднай мовы

З 19 па 24 лютага ў дзіцячай бібліятэцы імя У. С. Караткевіча дзейнічае кніжная выстава “Пад небам беларускага слова” да Міжнароднага дня роднай мовы. На гэтай выставе прадстаўлены знакамітыя творы класікаў беларускай літаратуры, кнігі пра культуру і духоўнае багацце нашай краіны.
Сёння на нашай планеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў, але, на жаль, палова з іх можа знікнуць у найбліжэйшай будучыні. Ва ўсёй краіне запланаваны розныя культурныя мерапрыемствы: круглыя сталы, інтэрактыўныя заняткі, вечарыны, літаратурныя выставы, на беларускай мове пішуць дыктанты, прэзентуюць кнігі і размаўляюць.



Акрамя гэтага, 21 лютага, непасрэдна ў дзень святкавання Дня роднай мовы, была праведзена акцыя “Знаўцы роднай мовы”. Усе жадаючыя, каб праверыць свае здольнасці на веданне беларускай мовы, маглі прайсці выпрабаванне: разгадаць загадкі, прыказкі і прымаўкі, пабываць у ролі перакладчыка і даследчыка роднай мовы. Дзеці і дарослыя актыўна прымалі ўдзел і з задавальненнем размаўлялі у гэты дзень па-беларуску. Кожны ўдзелькік акцыі атрымаў салодкі падарунак.



Дзякуючы падобным святам мы можам лішні раз звярнуць увагу на значнасць вывучэння беларускай мовы, каб наша нацыянальная культура не знікла з твару зямлі. І як сказала знакамітая беларуская пісьменніца Алаіза Пашкевіч (Цётка): «Бедны той, хто… не мае скарбаў вечных – скарбаў душы. Такі скарб, які ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее – гэта любоў да Бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы».



Бібліятэкары чакаюць сваіх чытачоў і абяцаюць падабраць для ўсіх цікавыя кнігі.


Бібліятэкар В.А. Ціханскі