Акцыя “Перачытаем разам Івана Шамякіна“
30 студзеня спаўняецца 100 год з дня нараджэння аднаго з самых выдатных і вядомых беларускіх празаікаў – Івана Шамякіна. У студзені супрацоўнікі Дзіцячай бібліятэкі імя У. С. Караткевіча прапануюць прыняць удзел у акцыі “Перачытаем разам Івана Шамякіна“.
Іван Пятровіч прыйшоў у літаратуру як аўтар твораў на тэму Вялікай Айчыннай вайны, але хутка адкрылася, што праблемы сучаснасці – яго асаблівая мастакоўская страсць. Яго творчасць – дакладнае люстэрка бягучай плыні чалавечага быцця з яго яшчэ неўстаялымі, не завершанымі працэсамі, дзе так шмат значаць воля чалавека, яго імкненні, талент і працаздольнасць. Героі І. Шамякіна – людзі блізкія і зразумелыя чытачу. Іван Пятровіч вядомы найперш як аўтар аповесцей і раманаў, аднак ёсць у яго творчай спадчыне творы для дзяцей. У 1999 годзе пабачыла свет кніга дзіцячых успамінаў пісьменніка “Промні маленства“. Абавязкова пашукайце яе ў бібліятэцы і прачытайце - яна, несумненна, спадабаецца вам.


Пазнаёміцца с творчасцю Івана Шамякіна, ці ўспомніць любімыя творы запрашае Дзіцячая бібліятэка імя У. С. Караткевіча.
Бібліятэкар К.С. Самасейка