Якія знаёмыя назвы і словы, якая цудоўная родная мова!
20 лютага ў ДУА “Гімназія №1 г. Оршы” адбылася гутарка-разгадайка “Якія знаёмыя назвы і словы, якая цудоўная родная мова!”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. Гэтае свята было заснавана ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай. Гэты дзень асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.
Толькі праз родную мову чалавек
можа стаць беларусам,
бо ў ёй хімія і фізіка,
гісторыя і батаніка,
эканоміка і культура таго,
што называецца нацыяй, народам.
Я. Сіпакоў
У гутарцы вучні 3-4 класаў згадзіліся, што беларуская мова з’яўляецца роднай для нас. Кожны чалавек павінен ведаць гэту мову і не саромецца на ёй размаўляць і спяваць песні. Бібліятэкар Г. Вербіна правяла конкурсы, каб вызначыць сапраўдных знаўцаў беларускай мовы.
Хлопчыкі і дзяўчынкі адгадвалі загадкі і рэбусы, успаміналі народныя прыказкі і прымаўкі, часова пабылі перакладчыкамі з беларускай мовы, а таксама праверылі сваю логіку ў конкурсе “Загадкі-пытанні”.
Усім школьнікам вельмі спадабаліся гэтыя заданні, якія былі выкананы з вялікім задавальненнем. Скончылася мерапрыемства знаёмствам з дзіцячымі кнігамі на беларускай мове, якія можна ўзяць пачытаць у бібліятэцы імя У. Корбана.



Г. Вербіна