“Ой, Калядачкі…”
“Ой, Калядачкі…” – так называлася фальклорнае свята, падрыхтаванае і праведзенае членамі “народнага” сямейнага клуба “Надзея” Андрэеўшчынскай сельскай бібліятэкі. Яно было прысвечана апошняму дню святкавання Каляд і святому Дню Хрышчэння.
У абсталяванай па-вясковаму хатцы, гаспадары Антаніна Цітарэвіч і Мікалай Каралевіч сустракалі калядоўшчыкаў. Спачатку ў хату прыйшлі дзеці. У вобразе сняжынак дзяўчынкі (В. Гардзіенка, М.Дзмітрыева, В.Мядзведская, сёстры Чарняўскія), выканалі песню, паказалі танец “Зорка ясна засвяціла”, пажадалі гаспадарам дабрабыту на ўвесь наступны год.

Далей у імправізаваную хатку пад акампанемент Ж.Шэстэль, з каляднымі песнямі прыйшлі ражаныя. Прыйшлі і прывялі з сабою казу (У. Шэлепаў), пеўня (А. Чарняўская), свінню (Л.Гаранькова), цыганку (С.Лапцінская). Гучалі песні: “Го-го-го, каза”, “Добры вечар” і інш. Таксама у выкананні А.Казлова, Л.Шмакавай, В.Шыкота і сясцер Сардэчных гучалі народныя песні зімовага цыклу. На мерапрыемстве было шмат традыцыйных калядных гульняў і конкурсаў. Свята прайшло весела і цікава.

Пасля завяршэння святочнай часткі ў бібліятэцы самыя маленькія ўдзельнікі свята, разам з мастацкім кіраўніком А.Дзмітрыевай, пайшлі віншаваць жыхароў вёскі Андрэеўшчына і пасёлка Кірпічны са святам. Песні, прыпеўкі і добрыя пажаданні былі падараваны кожнаму гаспадару.
Мастацкі кіраўнік клуба “Надзея” Г.М.Ярмошкіна